НОВОСТИ И ОБЪЯВЛЕНИЯ

Віншуем ДНУ "Інстытут гісторыі НАН Беларусі" з 85-годдзем з дня заснавання

14.10.2014

Паважаныя калегі!

Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі шчыра віншуе калектыў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі са знамянальнай датай – 85-годдзем з дня заснавання!

Гісторыя Вашага Інстытута шматгранная і насычаная, багатая на вялікія поспехі і значныя дасягненні. Плённая дзейнасць супрацоўнікаў Інстытута на працягу дзесяцігоддзяў дазволіла не проста назапасіць бясцэнны навуковы матэрыял, які служыць надзейнай і трывалай базай для сучасных даследаванняў гісторыі Беларусі, але і сфарміраваць нацыянальную навуковую гістарычную школу.

Менавіта таму Інстытут гісторыі сёння з’яўляецца ядром беларускай гістарычнай навукі, яе галоўным метадалагічным і каардынуючым цэнтрам, яе візітоўнай карткай. Навуковыя працы супрацоўнікаў Інстытута па айчыннай і агульнай гісторыі, археалогіі і антрапалогіі шырока вядомыя і высока ацэненыя навуковай грамадскасцю не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Яны спрыяюць павышэнню прэстыжу Беларусі ў свеце, захаванню і папулярызацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, робяць значны ўклад у фарміраванне духоўна-маральных асноў жыццядзейнасці беларускага грамадства.

Высокая грамадска-дзяржаўная значнасць даследаванняў Інстытута гісторыі абумоўлена і тым, што яны забяспечваюць факталагічную базу нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі Рэспублікі Беларусь, фарміруюць уласна беларускі погляд на гісторыю Беларусі і нацыянальную ідэнтычнасць, спрыяюць умацаванню беларускай дзяржаўнасці.

  Ад усяго сэрца жадаем вам, шаноўныя калегі, плённай працы, творчых поспехаў, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту!