Інстытут эканомікі быў створаны 29 сакавіка 1931 г. рашэннем Прэзідыума Беларускай Акадэміі навук (БАН) на аснове раней існуючых кафедры кааперацыі і калектывізацыі, кафедры эканамічнай геаграфіі, кафедры тэорыі штандорта, а таксама Інстытута эканомікі Дзяржплана БССР і эканамічнага аддзела Інстытута прамысловасці. Яшчэ ў першай палове 20-х гадоў Інбелкульт (пазней – БАН), Дзяржплан БССР, Наркамат земляробства і Інстытут сельскай i лясной гаспадаркі пачалі праводзіць сумесныя эканамічныя даследаванні па размяшчэнні прадукцыйных сіл у сельскай гаспадарцы, нацыянальнаму даходу, складанню кантрольных лічбаў і распрацоўцы першага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР. Паступова паўстала задача цэнтралізацыі эканамічных даследаванняў у краіне, і стварэнне Інстытута эканомікі з'явілася паспяховым рашэннем гэтай задачы. Інстытут эканомікі стаў першай навуковадаследчай арганізацыяй Беларусі, якая спецыялізавалася на вывучэнні эканамічнай навукі. Першым дырэктарам Інстытута стаў акадэмік І.А. Пятровіч (1931-1932 гг.).
Арганізацыя і пачатак працы Інстытута эканомікі супалі па часе з працэсамі згортвання НЭПа, актыўнага фарміравання камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання, фарсіраванай індустрыялізацыі і калектывізацыі. У гэты ж час пад ідэалагічным сцягам, у якасці якога выкарыстоўваўся тэзіс Сталіна аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры будаўніцтва сацыялізму, ажыццяўляўся разгром "правай апазіцыі" і "нацдэмаўскага" ўхілу ў беларускай навуцы і культуры. Таму шматлікія навукоўцы, якія ўвайшлі ў снежні 1928 г. у першы склад правадзейных членаў БАН, неўзабаве падвергліся рэпрэсіям. Шэраг вучоных быў рэпрэсаваны. Зразумела, атмасфера, якая склалася ў пачатку 30-х гг. не магла не адбіцца на поглядах і дзейнасці вучоных, якія працягнулі вывучэнне эканамічных праблем у якасці супрацоўнікаў новага Інстытута эканомікі ў складзе Акадэміі. Адначасова з рашэннем фундаментальных і некаторых актуальных для таго часу прыкладных эканамічных задач, савецкая ўлада асабліва вылучыла ідэалагічную функцыю, усклаўшы яе на акадэмічную эканамічную навуку.
З моманту стварэння Інстытута эканомікі яго супрацоўнікi адразу ж падключыліся да абмеркавання тэарэтычных і практычных пытанняў распрацоўкі гадавых і другога пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР. З 1933 г. Інстытут эканомікі сканцэнтраваў свае намаганні на правядзенні даследаванняў у галіне эканамічнай геаграфіі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю і народнага даходу. Пры правядзенні работ у галіне эканамічнай геаграфіі ажыццяўлялася вельмі цеснае супрацоўніцтва з НДІ геаграфіі пры БДУ і асабіста з прафесарам М.М. Баранскім – выдатным савецкім адмыслоўцам па тэорыі і метадалогіі сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і эканамічнай картаграфіі.
Канец 30-х гадоў апынуўся трагічным для Інстытута эканомікі, як, зрэшты, для ўсяго беларускага народа. Вядучыя навукоўцы Акадэміі былі абвешчаныя ворагамі Савецкай улады – шпіёнамі замежных выведак і ўдзельнікамі антысавецкіх арганізацый. Сярод іх: Ігнатоўскі, Домбаль, Рыўлін, Некрашэвіч, Жылуновіч, Сурта, Панкевіч, Шчарбакоў і інш Рашэннем Бюро ЦК КП(б)Б ад 05.01.1938 г. Інстытут эканомікі разам з Фізіка-тэхнічным інстытутам і Інстытутам філасофіі быў скасаваны як «установа, што не апраўдала сябе». Дадзеная акцыя ў другі раз, як і ўжо адзначаная раней расправа над шэрагам беларускіх навукоўцаў, якая мела месца ў канцы 20-х гадоў, сведчыла аб тым, што навукова-даследчая і адукацыйная функцыі Акадэміі навук і яе інстытутаў ўжо да сярэдзіны 30-х гадоў ўвайшлі ў супярэчнасць з ідэалагічнымі задачамі, ускладзенымі на іх кіраўніцтвам краіны і рэспублікі.
Неабходна адзначыць, што нават пасля «скасавання» Інстытута эканомікі АН БССР «аскепкі» яго структурных падраздзяленняў працягвалі працаваць у складзе захаваўшыхся акадэмічных інстытутаў. Ужо ў лістападзе 1939 г. яны былі аб'яднаны ў групу эканомікі АН БССР, а яе загадчыкам быў прызначаны С.М. Малінін. У лютым 1940 г., г.зн. праз два гады пасля прыняцця Бюро ЦК КП(б)Б рашэння, якое мела сапраўды фатальныя для ўсёй Акадэміі навук, шматлікіх яе інстытутаў і лёсаў дзясяткаў беларускіх навукоўцаў наступствы, СНК БССР прыняў рашэнне аб арганізацыі ў рамках АН БССР Навукова-даследчага інстытута эканомікі, што было фактычна ўзнаўленнем раней скасаванага Інстытута эканомікі.
Такім чынам, фармаванне і першыя гады станаўлення Інстытута эканомікі праходзілі ў складаным унутрыпалітычным і гістарычным становішчы. Тым не менш, нягледзячы на навізну пастаўленых гэтай акадэмічнай установе задач, малалікасць навуковых кадраў і палітычныя рэпрэсіі, навукоўцам Інстытута эканомікі за няпоўнае дзесяцігоддзе ўсё ж атрымалася закласці асновы шматлікіх кірункаў фундаментальных даследаванняў, якія атрымалі бурнае развіццё пазней, у 50-80-х гадах мінулага стагоддзя.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Інстытут эканомікі быў эвакуяваны ў Маскву, а ў пасляваенны перыяд навукова-даследчыя працы ў Інстытуце эканомікі аднавіліся ў красавіку 1945 г. у Мінску. Даследаванні вяліся па напрамках эканомікі прамысловасці, эканомікі сельскай гаспадаркі і эканомікі лясной гаспадаркі. Асаблівая ўвага калектыва інстытута была засяроджана на вырашэнні эканамічных праблем узнаўлення і развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама на пытаннях уздыму з руін іншых галін народнай гаспадаркі рэспублікі.
У гэты перыяд асноўнымі накірункамі даследаванняў заставаліся: эканамічная геаграфія, прамысловасць, сельская і лясная гаспадарка, размяшчэнне прадукцыйных сіл, планаванне і прагназаванне. Важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне мела завяршэнне ў 1955 г. эканамічнага абгрунтавання генеральнай схемы асушвання і засваення балот і забалочаных земляў Палескай нізіны.
У наступныя гады ўсё больш важнае месца ў даследчай працы Інстытута эканомікі стала адводзіцца вывучэнню і рашэнню тэарэтычных праблем павелічэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці. Даследаванні ў сферы эканомікі прамысловасці сталі ахапляць шырокае кола пытанняў, звязаных з павелічэннем прадукцыйнасці грамадскай працы, эфектыўнасці капітальных укладанняў у розных галінах і вытворчасцях, арганізацыяй гаспадарчага разліку, а таксама праблемы коштаўтварэння. Распрацаваныя ў тыя гады прапановы і рэкамендацыі па ўмацаванні і развіццю эканомікі ліцейнай вытворчасці, тарфяной, лёгкай, шкляной і харчовай прамысловасці знайшлі адлюстраванне ў развіцці эканомікі БССР.
У пасляваенныя гады вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навуковых кадраў, арганізацыі даследаванняў і непасрэдна ў навукава-даследчай дзейнасцi аказаў акадэмік АН СССР В.С. Нямчынаў. У 50-60-я гады на Беларусі пачалі актыўна развівацца вызначаўшыя ў той час навукова-тэхічны прагрэс галіны прамысловасці – машынабудаванне, станкабудаванне, прыборабудаванне. Разам з гэтымі напрамкамі даследавалася эканоміка традыцыйных для Беларусі галін прамысловасці – лёгкай, харчовай, мяса-малочнай, будаўнічых матэрыялаў. Асноўнае месца занялі даследаванні па пытаннях удасканалення гасразліковых адносін, пывышэння эфектыўнасці асноўных фондаў і капітальных укладанняў.
У 70-я гг. у Інстытуце эканомікі пачалося вывучэнне праблем сусветнай эканомікі. Былі даследаваны інвестыцыйная палітыка заходніх краін і іх інвестыцыйная актыўнасць у краінах, якія сталі на шлях развіцця. У гэты час калектыў Інстытута эканомікі АН БССР выканаў таксама комплекс фундаментальных работ у вобласці сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці грамадскай вытворчасці і фактараў яе павышэння. Вучонымі-эканамістамі абгрунтаваны крытэрыі і распрацавана сістэма паказчыкаў эфектыўнасці грамадскай вытворчасці рэспублікі, акрэслены фактары, што ўплываюць на ўзровень працаёмкасці, матэрыялаёмкасці і фондаёмкасці вытворчасці, распрацаваны катэгорыі размеркавальных адносін. У гэты ж перыяд быў распрацаваны прагноз комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў і развіцця вытворчых сіл беларускага Палесся да 1990 г.
У 80-я гг. асноўныя навуковыя сілы Інстытута эканомікі АН БССР былі сканцэнтраваны на даследаваннях па трох важнейшых напрамках: удасканаленне гаспадарчага механізму на рэгіянальным узроўні; павышэнне сацыяльна-эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці; распрацоўка комплекснай праграмы НТП БССР на 20 гадоў. У рамках гэтых напрамкаў даследаваліся праблемы: эфектыўнасці механізму выкарыстання эканамічных законаў у сістэме размеркавальных адносін; удасканалення гаспадарчага механізму на ўзроўні вытворчых аб'яднанняў і прадпрыемстваў прамысловасці; метадалагічныя і метадычныя праблемы эфектыўнасці вытворчага патэнцыялу рэспублікі (працы, капітальных укладанняў, асноўных вытворчых фондаў); цэнаўтварэння; эканомікі навуковых даследаванняў; тэрытарыяльнай арганізацыі вытворчасці і развіцця сацыяльнай iнфрaструктуры.
У 90-я гг. крызіс, які ахапіў народную гаспадарку Беларусі пасля распаду СССР, парушэнне гаспадарчых сувязяў паміж суб'ектамі гаспадарання былых саюзных рэспублік, а таксама распад некалі адзінай навуковай і інфармацыйнай прасторы негатыўна адбіліся на дзейнасці беларускіх вучоных. Рэзка скарацілася фінансаванне даследаванняў, што пацягнула за сабой адток высокакваліфікаваных навуковых кадраў з навукі. У гэтых няпростых умовах калектыў імкнуўся максімальна знізіць страты назапашанага ў мінулыя дзесяцігоддзі навуковага патэнцыялу, для чаго запатрабавалася істотна павысіць долю прыкладных даследаванняў у агульным аб'ёме выконваемых НДР, а таксама актывізаваць работу па грантах айчынных і міжнародных арганізацый.
Дзякуючы пераразмеркаванню навуковых сіл, навукоўцы Інстытута эканомікі пачалі даследаванні па стварэнню тэарэтычных асноў развіцця беларускай эканомікі ва ўмовах развіцця рыначных адносін, у тым ліку даследаванні праблем рэфармавання адносін уласнасці, гаспадарчага механізму кіравання рэгіянальнай эканомікай, фінансава-крэдытных адносін, эканамічнай ацэнкі і механізму выкарыстання рэсурснага патэнцыялу рэспублікі, сацыяльна-эканамічнай рэабілітацыі забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторый і інш. У гэты перыяд удалося апублікаваць шэраг калектыўных і індывідуальных прац, у тым ліку:
- "Характер, структура и факторы формирования экономических отношений" (А.П. Морава, Л.П. Васючонак, В.В. Гаўрылюк, І.В. Забелава і інш.), 1992;
- "Региональная экономика: сущность и механизм управления" (П.Г. Нікіценка), 1992;
- "Сравнительный анализ экономических систем" (У.М. Усоскі), 1993
- "Взаимосвязь производительности и оплаты труда в сельском хозяйстве" (І.В. Пеліпась), 1993;
- "Менеджмент и региональная политика за рубежом" (У.С. Фацееў), 1994;
- "Региональная экономическая политика в сфере переработки отходов производства" (Т.С. Вярцінская), 1994;
- "Оценка финансового состояния предприятий" (І.А. Міхайлова-Станюта, Л.А. Кавалеў, В.Л. Шулейка), 1994;
- "Инфляция: природа, сущность и регулирование" (Л.П. Васючонак, В.В. Гаўрылюк, Я.К. Мядзведзеў і інш.), 1996;
- "Проблемы реформирования белорусской экономики" (І.М. Абрамаў, В.С. Булко, І.В. Калеснікава), 1996;
- "Финансово-промышленные группы в Беларуси: перспективы и методы формирования" (І.М. Абрамаў, І.А. Міхайлава-Станюта, В.С. Булко і інш.), 1997;
У 1995-1996 гг. супрацоўнікі Інстытута эканомікі ў творчым супрацоўніцтве са спецыялістамі іншых навуковых устаноў і ВНУ ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы першага і другога нацыянальных справаздач аб чалавечым развіцці: “Беларусь – тварам да чалавека" і "Беларусь – асяроддзе для человека". Гэтая досыць карпатлівая, адказная і на той перыяд часу піянерская даследчая праца была выканана пры адміністрацыйна-тэхнічнай падтрымцы Прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь і атрымала высокую адзнаку не толькі ў краіне, але і за мяжой.
У 1995 г. супрацоўніку Інстытута эканомікі І.М. Абрамаву за манаграфію "Цыклы ў развіцці эканомікі СССР" (1990 г.) была прысуджана медаль М.Д. Кандрацьева, заснаваная Расійскай Акадэміяй навук і Міжнародным фондам М.Д. Кандрацьева.
У 1996-2000 гг. Інстытут эканомікі НАН Беларусі выконваў функцыі каардыната і асноўнага выканаўцы навукова-даследчых работ па дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў "Тэарэтычныя асновы нацыянальнай мадэлі эканомікі Рэспублікі Беларусь і механізм яе рэгулявання (Нацыянальная эканоміка)". НДР выконваліся ў супрацоўніцтве з НДЭІ Мінэканомікі, Беларускім НДІ эканомікі і інфарматыкі аграпрамысловага комплексу, Полацкім дзяржаўным універсітэтам і шэрагам іншых навуковых устаноў і ВНУ краіны.
У апошнія гады ўзмацнілася сувязь інстытута з вышэйшай школай. Большасць навуковых супрацоўнікаў выкладаюць у ВНУ, прымаюць удзел у падрыхтоўцы падручнікаў па эканамічных дысцыплінах, а найбольш кваліфікаваныя спецыялісты з'яўляюцца членамі Экспертнага Савета ВАК Беларусі і спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый пры ВНУ і навукова-даследчых установах, а таксама навуковымі кіраўнікамі і кансультантамі аспірантаў, дактарантаў і суіскальнікаў.
Супрацоўнікі інстытута прымаюць удзел у распрацоўцы заканадаўчых і іншых нарматыўных актаў, у экспертных і рабочых групах пры Акадэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урадзе і Нацыянальным сходзе. Многія з іх з'яўляюцца членамі рэдкалегіі вядучых рэспубліканскіх і міжнародных часопісаў сацыяльнага і эканамічнага профілю, выконваюць работу па грантах Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў.
Інстытут падтрымлівае навуковыя сувязі з замежнымі інстытутамі і ВНУ эканамічнага профілю. Асабліва цесныя і плённыя кантакты з роднаснымі расійскімі і ўкраінскімі арганізацыямі, з якімі заключаны дамовы аб творчым супрацоўніцтве. У іх ліку Інстытут эканомікі РАН, Інстытут праблем рынку РАН, Інстытут народна-гаспадарчага прагназавання РАН, Інстытут эканомікі Уральскага аддзялення РАН, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны універсітэт эканомікі і фінансаў, Інстытут эканамічнага прагназавання НАН Украіны, Інстытут рэгіянальных даследаванняў НАН Украіны і інш.
Дырэктары Інстытута:
- І.А. Пятровіч, 1931-1932, акадэмік;
- Т.Ф. Домбаль, 1932-1935, акадэмік;
- Я.Г. Ракаў, 1935-1937 і 1940-1941, акадэмік;
- У.М. Лубяка, 1940-1946, акадэмік;
- С.М. Малінін, 1946-1947, д.э.н, прафесар;
- І.М. Качура, 1947-1951, член-карэспандэнт;
- Г.Ц. Кавалеўскі, 1952-1964, прафесар;
- Ф.С. Марцінкевіч, 1964-1980, акадэмік;
- С.Р. Галуза, 1981-1988, д.э.н., прафесар;
- Г.М. Лыч, 1988-1997, акадэмік;
- П.Г. Нікіценка, 1998-2010, акадэмік;
- А.Я. Дайнека, з 2011-2016, акадэмік ;
- В.І. Бельскі, з 2016-2020, д.э.н, прафесар;
- В.Л. Гурскі, з 2020-2022, д.э.н, дацэнт ;
- Д.В. Муха, з 2022-, к.э.н, дацэнт ;
Літаратура:
- Институт экономики Национальной академии наук Беларуси: (к 70-летию создания). 1931-2001/П.Г. Никитенко, В.С. Фатеев, О.С. Булко и др.; под ред. П.Г. Никитенко и В.С. Фатеева. – Мн.: Издательство «Право и экономика», 2001. – 168 с. ISBN 985-442-039-6