Навіны і аб'явы

Стварэнне НДЦ «Вядучая рэспубліканская эканамічная школа»

19.11.2015

У адпаведнасці з пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі №385 ад 10 верасня 2015 г. на базе Інстытута эканомікі НАН Беларусі створаны навукова-даследчы цэнтр перспектыўных навуковых даследаванняў «Вядучая рэспубліканская эканамічная школа» (кіраўнік – Дайнека А.Я.).

Асноўнай мэтай стварэння навукова-даследчага цэнтра «Вядучая рэспубліканская эканамічная школа» з’яўляецца садзейнічанне аб’яднанню намаганняў вучоных-эканамістаў Беларусі, якія прадстаўляюць розныя арганізацыі, для развіцця эканамічнай навукі ў краіне і тэарэтыка-метадалагічнай распрацоўкі беларускай эканамічнай мадэлі.

НДЦ «Вядучая рэспубліканская эканамічная школа» стане інстытуцыйнай платформай, на якой будзе ажыццяўляцца каардынацыя ўзаемадзеяння розных даследчых калектываў па выкананні заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў эканамічнай накіраванасці, абмеркаванне бягучага стану, патэнцыялу і перспектыў развіцця беларускай эканамічнай навукі, а таксама вызначэнне найбольш актуальных напрамкаў эканамічных даследаванняў.

У 2016-2020 гг. будуць праведзены даследаванні і атрыманы навуковыя вынікі, у тым ліку:

1. Канцэпцыя эфектыўнай фінансавай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама практычныя рэкамендацыі па павышэнні эфектыўнасці манетарнай палітыкі, дзяржаўных расходаў, інвестыцыйнай палітыкі, па ўдасканаленні валютна-фінансавага механізму забеспячэння ўстойлівасці плацежнага балансу. Распрацоўка дазволіць абгрунтаваць аптымальнае спалучэнне інструментаў фінансавай палітыкі для прымянення на розных стадыях эканамічнага цыкла і распрацаваць стратэгію фінансавай палітыкі з улікам знешніх выклікаў і ўнутраных дысбалансаў;

2. Стратэгія эфектыўнай знешнегандлёвай палітыкі Беларусі ў сістэме міжнароднай інтэграцыі, якая ўключае метадычнае забеспячэнне знешнегандлёвай палітыкі (методыка ацэнкі знешнегандлёвых выгод (страт) функцыянавання Рэспублікі Беларусь у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і ўваходжання на глабальны рынак тавараў і паслуг з улікам меркаваных абавязацельстваў перад СГА; методыка вызначэння галін спецыялізацыі знешнеэканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з улікам прыярытэтаў еўразійскай інтэграцыі і інш.), а таксама дарожную карту рэалізацыі практычных мер па павышэнні эфектыўнасці знешнегандлёвай палітыкі Рэспублікі Беларусь;

3. Механізмы забеспячэння інавацыйнай успрымальнасці эканомікі, а таксама метадычныя рэкамендацыі па маніторынгу і ацэнцы інавацыйнай успрымальнасці нацыянальнай эканомікі, вызначэнню крытычных значэнняў базавых індыкатараў інавацыйнага развіцця эканомікі. Распрацоўка дазволіць стымуляваць інавацыйную актыўнасць, павялічыць маштаб укаранення навацый у гаспадарчую дзейнасць;

4. Напрамкі трансфармацыі сферы паслуг Беларусі з улікам сусветных трэндаў, якія дазволяць вызначыць сегменты спецыялізацыі Беларусі на рынках паслуг, павялічыць уклад сектара паслуг у нацыянальную эканоміку, інтэнсіфікаваць знешні гандаль паслугамі;

5. Механізмы фарміравання і рэалізацыі прамысловай палітыкі Рэспублікі Беларусь, якія забяспечваюць трансфармацыю прамысловага сектара краіны ў кірунку росту ўдзельнай вагі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі, павелічэння вытворчасці тавараў з высокай доляй дададзенай вартасці, фарміравання новых перадавых сфер спецыялізацыі беларускай прамысловасці.